Общество

Кацярына Батлейка

«Рэжым хоча ліквідаваць усе сувязі паміж тымі, хто працуе ў Беларусі, і тымі, хто працуе ў замежжы»

Стваральнік Фонду «Kamunikat.org» Яраслаў Іванюк пракаментаваў «Салідарнасці» рашэнне КДБ аб прызнанні выдавецтва «экстрэмісцкім фармаваннем».

КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваннем» «кааліцыю кніжных выдавецтваў». Гаворка пра «Фонд Kamunikat.org», «Lohvinau Publishing House», «Andrei Yanushkevich Publishing».

Стваральнік Фонду «Kamunikat.org» Яраслаў Іванюк пракаментаваў «Салідарнасці» гэтае рашэнне.

— Для нас як выдавецтва, як фонду Kamunikat, мяркую, гэта нічога не азначае, бо мы працуем па-за межамі Беларусі. Вельмі б хацелася сказаць, што нас не цікавіць, што робіць рэжым, — але гэта не да канца праўда. Нейкі ўплыў гэта будзе мець. Лягчэй працаваць ад гэтага нам не стане.

Яраслаў Іванюк. Фота: Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку

Відавочна, гэта працяг рэпрэсій рэжыму да беларускага асяроддзя, якое займаецца распаўсюдам, папулярызацыяй беларускай культуры, літаратуры.

На працягу апошніх тыдняў трываюць рэпрэсіі ў адносінах да людзей, звязаных з выданнем і распаўсюдам беларускіх кніг.

Рэжым хоча ліквідаваць усе сувязі паміж тымі, хто працуе ў Беларусі, і тымі, хто працуе ў замежжы. Абсалютным абсурдам з'яўляецца тое, што нас прызналі нейкай кааліцыяй. Не існуе ніякай кааліцыі, якую яны назвалі.

Адназначна, хочуць павязаць людзей у Беларусі з замежнымі структурамі, каб мець на іх нейкія нібыта аргументы. Гэта савецкі час. Мне згадваецца справа «Саюза вызвалення Беларусі», калі шылі справы, прыдумлялі іх. Тое ж самае паўтараецца цяпер, толькі гэта робіць рэжым Лукашэнкі.

Мэта — зрабіць нашую працу яшчэ больш цяжкай. Хаця і без таго выданне беларускіх кніг па-за межамі Беларусі — няпростая справа. А што будзе ў самой краіне — не цяжка ўявіць. Гэта будзе падставай да чарговых рэпрэсіяў. Я хацеў бы ў гэтым памыляцца, але баюся, на жаль, гэта будзе.