Общество

Прадстаўніца «Кібэрпартызанаў» Шаметавец пра беларускія спэцслужбы: А што яны сапраўды ўзламалі?

Ці сапраўды КДБ падсунуў «Кібэрпартызанам» дэзынфармацыю ў выглядзе сфальсыфікаванай базы даносаў КДБ? Ці маглі беларускія спэцслужбы выцягнуць каштоўную інфармацыю аб «Кібэрпартызанах» праз Анжаліку Мельнікаву? Ці праўда, што спэцслужбы вельмі эфэктыўныя ўва ўзломе базаў дадзеных?

На гэтыя пытаньні Радыё Свабода адказвае прадстаўніца ініцыятывы «Кібэрпартызаны» Юліяна Шаметавец.

— У паказанай на гэтым тыдні стужцы АНТ «Спэцапэрацыя „Гарпун“» пра справу Паўла Бялюціна гаворыцца, што ў здабытую «Кібэрпартызанамі» базу дадзеных КДБ быў уплішчаны фальшывы данос Бялюціна на Мікалая Аўтуховіча. Як можна зразумець з тлумачэньня КДБ самая тая выцечка базы была маштабнай апэрацыяй дэзінфармацыі. Ці можаце вы абвергнуць гэтую вэрсію?

— Я нават ня ведаю, як камэнтаваць, шчыра кажучы, гэтую лухту. Гэта нейкі новы ўзровень казак з боку рэжыму, з боку КДБ. Узлом сайту КДБ, а таксама заявы і даносы, якія там знаходзіліся, гэта, нагадаю, каля 40 000 дакумэнтаў, былі вэрыфікаваныя журналістамі.

То бок журналісты нават тэлефанавалі людзям і высьвятлялі, што гэтыя даносы ці нейкія заявы былі напісаныя рэальнымі людзьмі, якія гэта пацьвердзілі.

Па-другое, як у прынцыпе можна ўявіць, што КДБ у ноч узлому яго сайту змог сфабрыкаваць 40 000 заяваў. Толькі цяпер, празь некалькі гадоў, пасьля таго, як гэта разьляцелася па ўсіх СМІ, пасьля таго, як яны згубілі шпіёнаў, як яны згубілі давер людзей, якія раней пісалі гэтыя заявы на іх сайт — толькі цяпер яны заявілі, што ўсё гэта сфабрыкавалі толькі дзеля таго, каб дыскрэдытаваць нейкага ноўнэйма.

Гэта проста сьмешна слухаць. Тады, пасьля ўзлому «Кібэрпартызаны» абнародавалі тэхнічныя парамэтры ўзламанай базы дадзеных КДБ. Можам, яшчэ раз прадставіць гэтыя парамэтры, калі камусьці гэта цікава.

— Зьяўляліся зьвесткі пра тое, што ў здабытай вамі базе былі нестыкоўкі — данос у базе ёсьць, каардынаты даносчыка ёсьць, а няма такога чалавека па такім адрасе. Ці насамрэч такога не было?

— Я нагадаю, што там былі ня толькі даносы, Некаторыя людзі пісалі не па палітычных прычынах, а па абсалютна іншых, побытавых прычынах. І цалкам магчыма, што некаторыя людзі пісалі ад імя іншых людзей.

Такія выпадкі, зразумела, былі. Але варта нагадаць, што сам Бялюцін, дарэчы, не адмаўляў таго, што ён пісаў гэты данос на Аўтуховіча. Нават у яго выпадку абвяржэньня не было, было пацьверджаньне.

— Ці есьць інфармацыя пра Бялюціна ў іншых інфармацыйных базах, якія маюць «Кібэрпартызаны»? Можа пашпарт на іншае імя, можа якая іншая інфармацыя.

— Не, няма. Іншага пашпарту ў яго не было знойдзена. Адзінае, што знайшлі, дык адміністрацыйную справу ў 2020 годзе за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.

— «Кібэрпартызаны» знаходзіліся ў дзелавых адносінах са сьпікеркай Каардынацыйнай Рады Анжалікай Мельнікавай. Цяпер зьявілася шмат інфармацыі пра тое, што яна была зьвязаная зь беларускімі спэцслужбамі. Ці магла далікатная інфармацыя пра вас выцекчы празь яе беларускім спэцслужбам, ці маглі яны празь яе маніпуляваць вамі?

— Мы ад самага пачатку будавалі нашы адносіны з Анжалікай, як і зь іншымі людзьмі, такім чынам, каб ніякая адчувальная інфармацыя не трапляла да нашых суразмоўцаў. І таму маніпуляваць проста не было чым. Яна ведала толькі публічных асобаў нашай ініцыятывы, такіх, як я.

Ніякіх кантактаў з нашымі хакерамі, з нашымі супрацоўнікамі, якія ажыцьцяўляюць практычную дзейнасьць ініцыятывы. Яна ня ведала,ані плянаў, ані стратэгіяў нашых дзеяньняў. Яна займалася некаторымі бюракратычнымі пытаньнямі, складаньнем дамоваў, працай па бухгальтарскіх праблемах.

Дарэчы, пасьля зьнікненьня Мельнікавай на нас ні яна сама, ні ад яе імя не выходзілі. Нічым з таго, што яна ведала, нас немагчыма шантажаваць ці намі маніпуляваць.

Непрыемная сытуацыя, але мы заўсёды сыходзім з таго, што чалавека могуць завэрбаваць і з улікам гэтага мы выбудоўваем камунікацыю. Але калі ні з кім ні пра што не размаўляць, а адно сядзець на канапе, дык тады наагул ніякай працы ня будзе.

— Ці не спрабавала Анжаліка ў вас атрымаць нейкую інфармацыі? І ці не прапаноўвала нейкія апэрацыі, якія варта было б правесьці ў Беларусі?

— Не, ніякія праекты ў Беларусі яна зрабіць не прапаноўвала. У яе былі ідэі, як можна нешта прасоўваць у мэдыя, як знайсьці донараў, але і пра гэта гутаркі былі ў досыць агульным пляне.

У нас зь ёй былі даволі добрыя адносіны. Але яна нічога ў мяне не пыталася і пра маё жыцьцё ў ЗША, пра маю сям’ю. Па ідэі, калі яна працавала супраць нас, дык мусіла пра нешта практычнае пытацца. Але не пыталася.

— У беларускай гісторыі пасьля паразаў паўстаньняў грамадзянская і палітычная супольнасьць аднаўлялася вельмі павольна: людзі асьцярожна наладжвалі сувязі, зьбіраліся, гуртаваліся ў корчмах, у прыватных дамах, у легальных таварыствах.

Цяпер ёсьць інтэрнэт, мэсэнджэры, сацсеткі. Але ці ня робіць іх наяўнасьць працэс кансалідацыі нават больш складаным, чым 100 ці 150 гадоў таму? ЧКБ, плян «Перамога», «Гаюн» — раскрываць сакрэты ўмеюць ня толькі «Кібэрпартызаны». Спэцслужбы кажуць — мы ўсё можам узламаць, усе сакрэты ведаем ці даведаемся. Праўду кажуць?

— У мяне адваротнае пытаньне: а што яны сапраўды ўзламалі? Яны ўмеюць працаваць клясычнымі мэтадамі, кагосьці захапіць, здабыць пароль, залагініцца і потым ужо там далей выцягваць інфармацыю. Але першы крок — гэта заўсёды нейкі фізычны кантакт. Ці яны ўводзяць свайго агента, ці захопліваюць кагосьці, але рэальных узломаў на тэхнічным узроўні мы ніколі ня бачылі.

Яны нават ня могуць абараніць свае сеткі ад «Кібэрпартызанаў», а ўжо атакаваць некага — для гэтага патрабуецца іншы ўзровень. І там няма нічога нават блізкага да таго, што ёсьць у «Кібэрпартызанаў».

Так, яны ўмеюць карыстацца клясычнымі мэтадамі спэцслужбаў. У іх ёсьць рэсурсы, у іх ёсьць людзі. Яны адсочваюць інтэрнэт-актыўнасьць унутры Беларусі, мы пра гэта заўсёды папярэджваем.

І мы на нашым Тэлеграм-канале распавядаем, як бясьпечна карыстацца інтэрнэтам. І ў Беларусі і за яе межамі. І выкананьне гэтых парадаў можа прадухіліць захоп людзей, чым займаюцца спэцслужбы.

Зразумела, што трэба быць асьцярожнымі, але ня трэба разьдзьмуваць паніку, што рэжым усё можа ўзламаць, усё прачытаць, пра ўсё даведацца. Не, ня можа. Яны любіць рабіць выгляд сваёй усемагутнасьці, у тым ліку і тэхнічнай. Але насамрэч яны працуюць хутчэй на чалавечых уразьлівасьцях. Але такой жа была праца спэцслужбаў і 100, і 150 гадоў таму.

І зараз ёсьць магчымасьці, каб бясьпечна выкарыстоўваць тэхналёгіі супраць рэжыму.

Тэхнічна мы іх апярэджваем. Але трэба быць асьцярожнымі, не панікаваць і разумець, што галоўныя ўразьлівасьці — чалавечыя, а не тэхнічныя.

Дарэчы, яны і адносна сябе разважаюць насамрэч гэтак жа. Хаця яны і нават сам Лукашэнка прызнавалі тэхнічны ўзровень «Кібэрпартызанаў», але пасьля кожнага правалу шукаюць, праз каго інфармацыя выцекла, якая ў іх знайшлася чалавечая ўразьлівасьць.

І прасьцей прызначыць вінаватага, чым прызнаць, што каманда непрафэсійных хакераў змагла нанесьці такую шкоду іх сыстэмам.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(4)