Польскі журналіст: «Сігнал Лукашэнку, што ён павінен зрабіць свой жэст»

Польскі журналіст Міхал Патоцкі пракаментаваў магчымае адкрыццё двух пунктаў пропуску на польска-беларускай мяжы.

З заявай пра гэта 28 кастрычніка выступіў прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск. Але 30 кастрычніка адкрыццё адклалі на некалькі тыдняў, каб падтрымаць Літву ў яе рашэнні зачыніць мяжу з Беларуссю на месяц.

— Гэта выглядае крыху непаслядоўна, бо ў верасні мы зачынялі мяжу не толькі таму, што адбываліся вучэнні Захад-2025, але і ўвогуле ў сувязі з небяспекай, — кажа Міхал Патоцкі ў інтэрв’ю Свабода Premium. — Зараз мяжу зачыніла Літва, а польскі прэм'ер-міністр кажа, што Польшча гатовая адчыніць два пераходы.

Міхал Патоцкі

Магчыма, гэта звязана з нейкім прагрэсам па вызваленні Анджэя Пачобута, таму, што як раз яго вызваленне было адной з перадумоў магчымай нармалізацыі адносін паміж Беларуссю і Польшчай. Але, канешне, Дональд Туск пра гэта не сказаў, таму гэта гіпатэтычна. Іншых прычын для гэтага я проста не бачу.

Журналіст адзначае, што Польшча і Літва заўсёды каардынавалі такія крокі, як закрыццё або адкрыццё мяжы з Беларуссю.

— Напрыклад, пасля таго, як у Беларусь прыехалі вагнераўцы, Польшча і Літва былі гатовыя разам закрыць мяжу. Тое, што адбываецца зараз — гэта непаслядоўна. І гэта кажа нам пра тое, што нешта адбываецца пад дываном.

Ужо некалькі разоў польскія ўлады былі перакананыя ў тым, што дамовіліся з рэжымам аб вызваленні Анджэя Пачобута. І некалькі разоў гэта не адбывалася.

Магчыма, калі Туск кажа, што Польшча гатовая адчыніць пункты пропуску — гэта сігнал Лукашэнку, што ён павінен зрабіць свой жэст.

…Мы ведаем, у якіх умовах сядзяць палітзняволеныя ў Беларусі, сярод якіх Анджэй Пачобут, у якога ёсць праблемы са здароўем. У Польшчы вельмі перажываюць за беларускіх палітзняволеных. Анджэй стаў сімвалам — не толькі звязаным з польскай меншасцю ў Беларусі, але і са становішчам беларусаў, якія нязгодныя з рэжымам.

Вызваленне сімвала, якім стаў Пачобут у Польшчы, дало б магчымасць нейкім чынам дабівацца, каб напружаная сітуацыя ў рэгіёне была троху лепшай.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4(2)