Навумчык: «Ніякіх спадзяваньняў ні на разварот Лукашэнкі ад Пуціна, ні на палітычную лібэралізацыю»

Палітычны аглядальнік — пра тое, у чым палягае стратэгія ЗША адносна беларускага рэжыму.

— Радасьць, што Сяргей Ціханоўскі, Ігар Карней і яшчэ некалькі закладнікаў рэжыму вызваленыя («Цяжка перадаць, да якой ступені мы шчасьлівыя» — Івонка Сурвілла), азмрочваецца выглядам палітвязьняў: брэжнеўскія турмы не зьяўляліся курортам, але дысыдэнты, якіх мянялі на савецкіх агентаў, такімі не былі, — піша Сяргей Навумчык. — А вось вязьні нацысцкіх лягераў сьмерці — былі.

Адносна палітычных ацэнак. Думаю, дакладных прагнозаў ня можа рабіць ніхто, бо ніхто, акрамя як у адміністрацыях Трампа і Лукашэнкі, ня ведае ўсіх нюансаў. А гэта той выпадак, калі любая акалічнасьць можа абрынуць самы, здавалася б, лягічны прагноз.

І ўсё ж, як мне падаецца, ніякіх спадзяваньняў ні на разварот Лукашэнкі ад Пуціна, ні на палітычную лібэралізацыю, ні тым больш на аслабленьне практыкі зьнішчэньня нацыянальных каштоўнасьцяў, — ні ў якой, нават мізэрнай ступені, разьлічваць не даводзіцца. Магчыма, я памыляюся (і вельмі хачу памыліцца), але гэта маё глыбокае перакананьне.

Сяргей Навумчык

І грунтуецца яно на тым, што, як сьведчыць практыка, стратэгія цяперашняй адміністрацыі ЗША (пагодзімся, што Амэрыка застаецца самай магутнай і ўплывовай дзяржавай) — захаваньне status quo. Гэта значыць — захаваньне цяперашняга сьветапарадку, дзе падзеленыя зоны ўплыву.

З абавязковай умовай: ніякіх войнаў.

У такім раскладзе, груба кажучы, Кітаю застаецца ўсё, на што ён атрымаў уплыў (але ён не павінен сунуцца на Тайвань). А Расеі — тое, што яна пасьпела захапіць шляхам палітычнай (як у Беларусі) ці ваеннай (як ва Ўкраіне) акупацыі.

читайте также

І пры гэтым — Вашынгтон ня мае намеру мяняць рэжымы ўнутры краінаў — ні пуцінскі, ні рэжым аятолаў (пры ўмове адсутнасьці ў апошніх ядзернай зброі). Ні які-небудзь іншы рэжым, калі толькі ён наўпрост ня будзе пагражаць нацыянальным інтарэсам ЗША. Калі ж будзе пагражаць інтарэсам, да прыкладу, краінаў Эўропы — ну, гэта праблемы самой Эўропы.

Флагман дэмакратыі — ЗША — адмаўляюцца ад ролі ледаколу, які апошнія восем дзесяцігодзьдзяў прабіваў народам шлях да свабоды скрозь вялікія і маленькія ільды дыктатураў.

Гэта — рэальнасьць.

І ў гэтай рэчаіснасьці Пуцін застаецца ў Крамлі, а Беларусь — у зоне поўнага кантролю Пуціна. Лукашэнка ж будзе на сваім цяперашнім месцы роўна да таго моманту, пакуль ён выконвае загады Масквы.

Адзіным, хто можа зьмяніць сытуацыю — ёсьць беларускі народ, і гэта галоўная прычына, чаму Крэмль і Лубянка ня будуць аслабляць рэпрэсіі ў Беларусі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(7)