Филин

Юлія Кот

Мажэйка: «Усіх, хто ў Беларусі, рэжым можа прымусіць рабіць, што яму патрэбна — фізічна, дручком ці пагрозай дручка»

Палітычны аналітык Вадзім Мажэйка ў каментары Филину разважае, навошта беларускім уладам ствараць асацыяцыю блогераў, што атрымаецца з прымусовага партнёрства і як супрацьстаяць наратывам прапаганды.

Улады Беларусі спрабуюць пасябраваць з папулярнымі блогерамі. Па сваёй, не раз выпрабаванай раней, схеме. Частку крытыкаў арыштавалі і судзілі (прычым дабраліся не толькі да палітычных, але і да маладзёжных), іншых запалохалі і прафілактычна высеклі ў інфапрасторы, а потым «прапанавалі» тым, хто застаўся, падключыцца да распаўсюду «праўдзівай інфармацыі».

На Форуме медыйнай супольнасці, які нядаўна прайшоў у Мінску, міністр інфармацыі Марат Маркаў распавёў пра леташні першы форум блогераў, дзе нібыта прысутнічалі больш за 100 прадстаўнікоў айчыннай блогасферы з агульным ахопам у 27 мільёнаў падпісчыкаў, і пра тое, што пасля гэтага мерапрыемства некалькі дзясяткаў блогераў актыўна ўдзельнічалі ў так званым «Марафоне адзінства», а таксама ў кампаніі да 80-годдзя Перамогі.

Наступным крокам, паводле слоў міністра, можа стаць стварэнне Беларускай асацыяцыі  блогераў — маўляў, трэба развіваць прыватна-дзяржаўнае партнёрства, але пакуль што блогерскі рух «хаатычны».

Што атрымаецца з памкнення ўладаў «упарадкаваць» блогасферу, і ці дазволіць такое прымусовае партнёрства стварыць патрэбную рэжыму Лукашэнкі карцінку ў інфаполі? Усё ж на двары 2025 год, крыніц інфармацыі мноства — і той жа Мінінфарм, як ні стараецца, не паспявае забараняць і блакаваць усіх нелаяльных. Гэтыя пытанні Филин абмеркаваў з палітычным аналітыкам Вадзімам Мажэйкам.

Вадзім Мажэйка

— На згаданым медыяфоруме прагучала абсалютна тыповая для аўтарытарнай улады думка: свабодная інфапрастора, у якой блогеры выказваюць тое, што хочуць, з гледзішча Мінінфармацыі характарызуецца як хаос, — адзначае аналітык. — Адпаведна, замест гэтага ўлады хочуць будаваць зразумелую ім мадэль, з вертыкаллю, калі, умоўна, да Мінінфармацыі, адміністрацыі Лукашэнкі ці Саўміна будуць прыходзіць блогеры, якім будуць даводзіць, каб яны нешта зрабілі і распаўсюдзілі.

Асацыяцыя блогераў — для чыноўнікаў вельмі зразумелы механізм, якім зручна кіраваць.

Наколькі я разумею, гэта ўжо нефармальна робіцца. Бо мы бачылі ў блогераў, якія ў той ці іншай ступені прайшлі праз рэпрэсіі і застаюцца ў Беларусі, працягваюць працаваць — яны так ці інакш ладзяць скаардынаваныя кампаніі на дзяржаўны запыт.

Маю на ўвазе і так званыя «выбары», і адкрытае прома беларускай прадукцыі і г.д. Калі ў той жа Ганны Бонд ці Кокобая з’яўляюцца вельмі нетыповыя для іх пасты — відавочна, яны зроблены па дзяржзамове. А калі створыцца Асацыяцыя блогераў, гэтая праца будзе інстытуцыялізаваная.

Фактычна, гэта і ёсць уяўленне аўтарытарнага рэжыму пра дзейнасць блогераў, грамадзянскай супольнасці, рэлігійных арганізацый — чаго заўгодна.

— На вашу думку, на якую аўдыторыю гэта разлічана? Ці гаворка проста аб тым, каб генераваць як мага больш кантэнту і заняць інфаполе?

— Безумоўна, тыя, хто фізічна не знаходзіцца ў Беларусі — іх ні ў якую асацыяцыю не загоніш, выглядае на тое, што на гэтых блогераў Мінск увогуле махнуў рукой. Але ж тых, хто ў Беларусі, цалкам можна прымусіць выконваць тое, што ў Расіі называюць «тэмнікамі» (інструкцыі па асвятленні актуальных падзей). І калі ўлады не могуць стварыць сваіх блогераў, умоўна, вырасціць іх сярод БРСМаўцаў — можна скарыстаць ужо існуючых.

Асабіста я адпісаўся ад папулярнага блогера, які паставіў у свой нікнэйм чырвона-зялёны сцяжок, імаверна пасля «размоў» з КДБшнікамі — папросту не магу яго чытаць. Але ж дзясяткі, сотні і тысячы людзей не адпісаліся. Гэта адштурхне пэўную частку аўдыторыі, аднак рэжыму, мяркую, на гэта ў прынцыпе пляваць. Бо будуць з’яўляцца новыя папулярныя блогеры ў Беларусі, іх таксама можна прымушаць да супрацы.

Гэтаксама яны працуюць і з моладдзю, з тым жа TikTok. Можна згадаць гісторыю Дзім Дзімыча, якога, я сказаў бы, інфармацыйна згвалцілі. Чалавек займаўся чым хацеў, пачаў выходзіць на вялікія абароты, на калабарацыю з «Еўраоптам» — а яго фактычна прымусілі пакаяцца за колер адзення, прыйсці ў эфір да Азаронка і прагінацца пад патрабаванні рэжыму.

— То бок, такім чынам можна сапраўды калі не выйграць, то атрымаць перавагу ў інфармацыйнай вайне, якая, паводле міністра інфармацыі, у Беларусі «працягваецца і ўзмацняецца».

— Фактычна, так.

Рэжым карыстаецца тымі перавагамі, якія мае. І ўсіх тых, хто знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, ён можа прымусіць рабіць тое, што яму патрэбна — фізічна, дручком, ці пагрозай дручка, ці ўжо досведам рэпрэсій, якія не спыняюцца. І калі адкінуць усе каштоўнасці і этыку, што рэжым Лукашэнкі даўно і зрабіў — такая стратэгія выглядае разумнай.

Але разам з тым бачна, што сістэма досыць інэртная — з 2020 года прайшло пяць год, а Мінінфарм усё яшчэ кажа пра «хаос» у блогасферы. І ўвесь час будуць узнікаць новыя блогеры, мікраінфлюэнсеры, нанаінфлюэнсеры, якіх у асацыяцыю блогераў не загоніш. Аднак трэба разумець, што рэжым працягне выкарыстоўваць звыклыя інструменты, — і тым, хто знаходзіцца па-за межамі Беларусі, неабходна супрацьстаяць прапагандзе, рэжымным наратывам, якія яна прасоўвае.

Вадзім Мажэйка зазначае, што гэты выклік не новы для незалежных медыя і блогераў, але памяншаць яго значнасць нельга. Самы просты і відавочны адказ на пытанне, як супрацьстаяць прапагандзе, дадае аналітык, — працягваць расказваць пра сітуацыю ў Беларусі і не весціся на інфармацыйныя ўкіды, якія раз’ядноўваюць грамадзянскую супольнасць:

— Каб распаўсюджваць свае наратывы, рэжым працуе як вертыкаль і стварае такія ж вертыкальныя сістэмы. Відавочна, незалежныя блогеры, як і медыя, не ўваходзяць у такія сістэмы і ведаюць, што заявы прапаганды пра нейкі патаемны цэнтр ці то ў Вашынгтоне, ці то ў Вільні ці ў Варшаве, які загадвае ўсім, што ім казаць — лухта. Так гэта не працуе.

Але разам з тым блогеры і медыя могуць добраахвотна каардынавацца паміж сабой. І працягваць расказваць пра беларускіх палітвязняў, пра рэпрэсіі ў краіне, пра дабрачынныя зборы; папулярызаваць беларускую мову, гісторыю, культуру; думаць пра тое, якім можа быць сістэмны адказ рэжыму.

І гэта наша ўласная адказнасць, здольнасць дамаўляцца, а не перасварыцца паміж сабой, высвятляючы, хто «прадажны» і паўтараючы наратывы прапаганды. Бо раз’яднаць беларускую грамадзянскую супольнасць — гэта трэба рэжыму, не нам.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(3)