Кульбіт дня. Адзін з нямногіх беларускамоўных тэатраў паставіць спектакль паводле расійскага z-літаратара

Суцяшальная навіна: сярод будучых прэм’ер абяцаюць пастаноўкі на творы Караткевіча і Ажэшкі.

Да нядаўняга часу Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі быў адным з нямногіх уладальнікаў выключна беларускамоўнага рэпертуара. Але ў новым сезоне чакаюцца, мякка кажучы, радыкальныя змены.

Святлана Навуменка, скрыншот відэа

Як паведаміла ў часе прэс-канферэнцыі ў Доме прэсы дырэктарка РТБД Святлана Навуменка, тэатр вядзе перамовы з заслужаным дзеячом мастацтваў Расіі Юрыем Пахомавым аб пастаноўцы на мінскай сцэне спектакля паводле твораў аднаго з адыёзных расійскіх праваенных прапагандыстаў.

Гаворка пра «Пацанские рассказы» Захара Прылепіна. Кіраўніца РТБД бачыць у гэтай ідэі патэнцыял:

— Гэта цікава, гэта сучасная літаратура. Больш за тое, расійскі глядач, да якога мы мусім выязджаць на гастролі, зацікавіцца сваім аўтарам, вырашаным беларускім тэатрам.

У якасці суцяшальнай навіны можна прапанаваць анонс пастановак на творы Элізы Ажэшка («Хам») і Уладзіміра Караткевіча («Ладдзя роспачы»).

Нагадаем, што ў кастрычніку 2024-м шэраг актораў Тэатра беларускай драматургіі трапілі пад арышты і ў выніку страцілі працу.

Тэатр пакінулі акторы Арцём Курэнь, Максім Брагінец, Арцём Давідовіч — былі звольнены пасля затрымання, а Арцём Аўхарэнка, Ганна Семяняка і Дзяніс Аўхарэнка сыйшлі па ўласнай волі. Сыход актораў істотна адбіўся на рэпертуары тэатра.