Карней: «Гэбісты яшчэ раз праверылі таварны выгляд і па адным пачалі выклікаць на «арэну»

Праз месяц пасля вызвалення журналіст узгадвае падзеі таго дня.

— Месяц таму, 20 чэрвеня, стаў міжвольным удзельнікам спецаперацыі «дэпартацыя», — піша Ігар Карней. — Дакладней, пад літаральнае яе азначэньне трапілі дзевяць чалавек з іншаземнымі пашпартамі, а пяцёрка беларусаў вымушана была задаволіцца банальным «выдварэньнем».

Раніца той пятніцы ў мазырскай ПК №20 строгага рэжыму нічога надзвычайнага не абяцала, зьбіраўся ў начную зьмену на «медалупню» (ніякага бортніцтва, прымітыўнае выцягваньне медзі з рознаклібернага дроту). Пакуль днявальны не выклікаў да начальніка атрада, які сустрэў пытаньнем: «Ну, што, Карней, гатовы?.. Куды? Туды!»

Туды дык туды – два месяцы без «шыза» для зацятага «экстрэміста» – і так падарунак. Праўда, звычайна на КП цягнуць без рэчаў, а тут загад усё браць з сабой. Хіба ўжо дачапіцца няма да чаго, дык могуць распатрашыць кешар на неадпаведнасьць вопісу – каб арганізаваць пасадку, пералічваюць нават «незадэклараваныя» запалкі ў каробку.

Паўтарагадзінны ператрус з поўным распрананьнем нічога не даў, забралі толькі на ўзгадненьне аператыўніку патрапаны за два гады сшытак – з асабістымі запісамі, пералікам прачытаных кніг, нумарацыяй лістоў родным, адрасамі. Адтуль – у змрочны «адстойнік», акурат насупраць кабінету, дзе камісія вырашае, колькі сутак выпісаць, іншае ў «мазыратніку» не практыкуюцца.

Але наступныя пяць гадзін ніхто не турбаваў, хоць і чулася, як пры выхадзе з начальніцкіх апартаментаў калегі канстатуюць: «пятнаццаць».

Чамусьці лічыцца, што пасадзіць (ізаляваць), калі ты і так сядзіш, – вельмі добра для агульнага выпраўленьня.

У другой палове дня, калі ўвесь кісларод у каморцы быў выдыханы, зноў пацягнулі трэсьці. Ужо іншы кантралёр аўтарытэтна заўважыў: відаць, нармальна «кульгануў», што другі раз запар абшукваюць. Маўляў, ці нешта ляпнуў (а «бегуноў» у штаб з аператыўнымі дакладнымі поўна), ці мэтавае ўказаньне зьверху. Зрэшты, і гэтым разам вярнулі ў той «адстойнік».

Толькі пад вечар, калі і ў «экзэкутараў» скончыўся працоўны дзень, дзьверы адчыніліся і павялі не звыклым маршрутам, дзе ў чаканьні лёсу тусуюцца зэкі, а ва ўнутраны дворык, куды ёсьць доступ толькі ў супрацоўнікаў.

Там ужо былі намесьнік начальніка па рэжымнай рабоце і супрацоўніца спецчасткі з важкім пакетам дакументаў – краем вока выхапіў на тытуле сваё прозьвішча. Побач стаяў барадаты малады чалавек у цывільным, і па тым, як страшны для арыштантаў «зампарор» лісьліва з ім сябе паводзіць, – да бабкі не хадзі, што гэбэшнік.

Падпалкоўнік яшчэ пацікавіўся, ці гэта я «той самы» журналіст, выказаўшы зьдзіўленьне, «как это получилось, что газета называется Радио Свобода». Адразу бачна – старой фармацыі, загартаваны друкаваным міліцэйскім органам «На страже» (у савецкі час яшчэ з удакладненьнем на варце чаго – «Октября»).

Да барадатага падцягнуліся яшчэ двое ў балаклавах: адзін узяў сумку, другі без слоў зашчоўкнуў наручнікі і ўзьдзябурыў на галаву мех. Загрузілі на заднюю сядушку легкавіка, пажадалі «распологаться удобнее». На пытаньне, ці дальняя дарога, хтосьці ў стылістыцы «настаўнікаў» старой школы бадзёра кінуў, што «ў лес».

Зрэшты, дзеля гэтага не трэба было камандзіраваць ажно такую брыгаду дастаўкі, бо вакол зоны – Палесьсе, суцэльныя лес і дрыгва. Ніякіх сьлядоў) Праўда, пасьля паўзы дадаў, што гэта такія ў іх «прафесійные жарты». Забралі са складу рэчы і чатыры гадзіны прайшлі ў маўчаньні, «апекуны» ўперыліся ў тэлефоны.

Пазбаўлены магчымасьці хоць нешта бачыць, наразганяў кучу сцэнарыяў, што ўсё гэта азначае. За паўгода да таго катаўся падобным маршрутам з Магілёву, таму разумеў: могуць альбо шантажаваць новым тэрмінам з раскруткай на «кінапробы», альбо арганізаваць стаўку з чарговымі перамоўнікамі – адрозна ад неафішаванага студзеньскага прыезду прадстаўнікоў Дзярждэпу, гэтым разам прапагандысты анансавалі візіт спецпрадстаўніка трампаўскай адміністрацыі.

Зрэшты, разьлічваць на нешта большае, чым «глыбокую заклапочанасьць», было складана. Тым больш, у першы раз неўзабаве вярнулі туды, адкуль забралі.

«Амерыканка» сустрэла ўжо знаёмым «мяккім пакоем», дзе дэрмантынава-паралонавыя сьцены страхавалі ад суіцыдных памкненьняў. Было чутна, што трэці раз за дзень патрашаць кешар, без шкадаваньня выкідваючы прадукты і, як потым аказалася, канфіскоўваючы ўсе паперы, уключна з судовымі выракамі, адмовамі на апеляцыі і г.д.

Далей пакойчык дагляду, загад зьняць каланіяльную робу і пасьля душа пераапрануцца ў гардэробчык, сабраны ахоўнікамі з тваіх жа шмотак. У камеру на дзесяць чалавек паднялі апошнім, некалькіх ведаў па ранейшых этапах. Абсалютная большасьць – з замежным грамадзянствам.

Прынесьлі вячэру, рацыён не мяняецца дзесяцігодзьдзямі – селядзец з бульбай у мундырах. Ужо быў час адбою, моцна пафантазіраваць не далі – каб у камеры было ціха. Але ўсе разумелі: заўтрашні дзень абяцае быць ня сумным.

Раніцай 21-га, адразу пасьля сьняданка, гэбісты яшчэ раз праверылі таварны выгляд і па адным пачалі выклікаць на «арэну» (унутры СІЗА КДБ круглы як цырк). Паказаўшы на сваю сумку, атрымліваў звыклыя бонусы – мех на галаву і кайданкі на рукі. Падтрымліваючы пад пахі, адвялі ў аўтобус.

Першая неспадзяванка здарылася, калі чарговы арыштант раптам праігнараваў рэжым цішыні: «Э, а дзе мае дакументы? Дзе пашпарт Ціханоўскага? Ці вырашылі вось так выкінуць?» Ого, нас на борце больш за 10 і разам Сяргей Ціханоўскі. Зрэшты, прагучала «першае і апошняе папярэджаньне», а касту па-над законам лепш не раздражняць.

Калі транспарт перастаў спыняцца перад сьветлафорамі, версія пра «круглы стол» з удзелам спецпасланьніка ў Менску адпала сама сабой. Паступова даходзіла, што проста вывозяць з краіны, толькі невядома, да якога памежжа – Літвы, Латвіі ці Польшчы, прынамсі прадстаўнікоў двух апошніх у камеры было агулам пяць.

Гадзіны праз паўтары зьехалі з трасы. Спыніліся на нейкім пятаку разьвязкі, каманда на «перагрузку». Усё гэтак жа ў наручніках і мяхах перасадзілі ў іншы мінівэн, больш кампактны, бо немагчыма ўжо стаць у поўны рост.

Упершыню наладзілі пераклічку: так аказалася, што, акрамя Ціханоўскага, дадаліся японец і дзьве жанчыны – Натальля Дуліна і Галіна Красьнянская. Але размаўляць усё яшчэ не давалі, крыклівы чэкіст у балаклаве да апошняга пагражаў «санкцыямі».

А далей ужо як у кіно пра абмен дысідэнтамі падчас «халоднай вайны». Аднекуль з палёў выплыла група дыпламатаў, якія супакоілі, што нашы пакуты засталіся ў мінулым і ад гэтага часу ўсе 14 пасажыраў пад апекай амерыканскіх уладаў. У салоне буса зьявіліся печыва, цукеркі, вада – першыя прыкметы нармальнага існаваньня без калючага дроту і дурных загадаў.

Але колькі яшчэ такіх рэйсаў трэба зрабіць, каб вярнуць з палону тысячы іншых закладнікаў дэспатычнага рэжыму…

P.S. Здымкі паказваюць, як у адсутнасьць бесперапыннага прэсінгу нават самы непапраўны «злосьнік» за пару тыдняў вяртаецца да нормы і пачынае нагадваць чалавека.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(6)