Скандалы

Гламурны бізнэс «кашалька» Лукашэнкі прагарэў

Бюро высветліла, што мінскія буцікі брэндавага адзення з Еўропы «Аўтлет парк» спынілі сваё існаванне.

Буцік «Аўтлет парк». Крыніца: outletpark.by

У канцы студзеня гэтага года ў інстаграм-акаўнце аўтлетаў з’явілася абвестка пра ліквідацыю тавару ў сталічным буціку на вуліцы Камсамольскай. Яго дырэктарка Яна Леванеўская патлумачыла падпісчыкам, што крама пераязджае на новае месца.

13 красавіка кампанія «Трэндхол», на якую запісаныя аўтлеты, выключыла гандлёвы аб’ект на Камсамольскай са складу сваёй уласнасці. А праз тры дні, 16 красавіка, у інстаграм-акаўнце «Аўтлет парка» апублікавалі пост пра закрыццё другога пункту ў элітных Драздах.

Наш журналіст пад выглядам пакупніка патэлефанаваў ва «Аўтлет парк» і пацікавіўся лёсам модных буцікоў. Супрацоўніца фірмы паведаміла, што іх крамы зачыніліся незваротна:

– Змяняецца заканадаўства па цэнаўтварэнні: для імпартнага тавару [цяпер можна] закладваць зусім маленькую надбаўку. Гандаль у раздроб – бізнэс энергаёмісты, і таму не выгадна. Будзем пераходзіць на опт. Мы самі шкадуем, што такія рашэнні [былі прынятыя]. Хацелася б пакінуць краму, – пракаментавала закрыццё супрацоўніца «Аўтлет парка».

«Бюро» таксама вывучыла бухгалтарскую справаздачнасць «Трэндхола» за 2024 год. Фінансавы год фірма скончыла са стратамі амаль у 1,4 мільёна беларускіх рублёў.

Уласнікам «Трэндхола» з’яўляецца лагістычная кампанія «Рузэкспедыцыя». У снежні 2024 года яе перапісаў на сябе асабіста «кашалёк» Лукашэнкі, бізнэсовец Аляксандр Зайцаў.

У кастрычніку мінулага года ў нашым расследаванні «Модны прыгавор» мы расказалі, як «Трэндхол» забяспечваў прадметамі раскошы беларусаў і спрабаваў зайсці на расійскі рынак – у абыход санкцый.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4(1)