Общество

«Двойчы на дзень, нас, палітычных, вадзілі на «голы шмон»

Споведзь былога палітвязня прыводзіць Вясна.

Былы палітзняволены з Новай Баравой Ігар (сапраўднае імя змененае ў мэтах бяспекі) у 2020 годзе не мог нават уявіць сабе, што ягонае жыццё кардынальна зменіцца пасля акцый пратэсту, у якіх ён прымаў удзел пасля 10 жніўня. Што яго будуць затрымліваць і караць суткамі, што гэты пераслед прывядзе яго да крымінальнай справы і неабходнасці стаць вымушаным эмігрантам.

Ігар падзяліцца ўражаннямі аб перажытым з праваабаронцамі.

«Мне пашанцавала, што мяне не білі галавой аб асфальт»

Ігар пачаў свой расповед з таго, што першае ягонае затрыманне адбылося напачатку лістапада 2020 года і гісторыя гэтая была вельмі падобная на трагедыю, якая праз тыдзень ці паўтары перад гэтым адбылася з Раманам Бандарэнкам, загінулага ад рук сілавікоў і іхніх памагатых.

– Так, мне пашанцавала, што мяне не білі галавой аб асфальт, як Рамана. У нашым двары ў жыллёвым комплексе «Новая Баравая» нехта вечарам зразаў бела-чырвоныя стужкі, навешаныя на агарожу. Я выйшаў у двор, пачаў перашкаджаць незнаёмцам, пытацца навошта яны гэта робяць. І тут мяне скруцілі і пачалі збіваць.

Потым нас разам з яшчы адным мужчынам завалаклі ў бусік і даставіўлі ў ў аддзяленне міліцыі ў Бараўляны. Начальнік некаму тэлефанаваў і па выніку на мяне аформілі пратакол не па арт. 23. 34 КаАП, а за «дробнае хуліганства» паводле 19.1 КаАП.

Адпусцілі дамоў, а назаўтра ў памяшканні міліцыі суд абмежаваўся штрафам, і паколькі гэта быў непалітычны артыкул – наступстваў асабліва не было, ніхто далей не чапаў, – узгадвае тыя падзеі мужчына.

Наступны раз мужчыну прыцягнулі да адказнасці праз два месяцы, на гэты раз за вывешаны ў акне шматпавярховіка бела-чырвона-белы сцяг. Тады многія жыхары комплекса ў Новай Баравой такім чынам выказвалі сваю пазіцыю. На гэты раз пратакол быў складзены па артыкуле 23.34 КаАП.

Сцяг пратэсту «Новай Баравой».Фота з сацыяльных сетак

– На судзе была цікавая сітуацыя. Мяне і яшчэ некага судзілі да абеду і пастанавлілі пакараць штрафамі, а майго знаёмага судзілі (за сцяг таксама) пасля абеду і пакаралі суткамі. І не толькі яго, але і ўсіх астатніх, – кажа субяседнік.

Да вясны 2023 года асабліва нічога не адбывалася, а вось 9 траўня, калі Ігар вяртаўся з адпачынку з Грузіі, у нацыянальным аэрапорце на пашпартным кантролі яго папрасілі адысці ў бок і забралі пашпарт.

Потым была гутарка з супрацоўнікам КДБ, размову з якім здымалі на відэакамеру, доўга вывучалі ягоны тэлефон, дзе знайшлі нешта не зусім выдаленае, што нібыта ён узаемадзейнічаў з акаўнтам Матолькі. Запатрабавалі ўсё пачысціць, каб нічога не заставалася і… адпусцілі.

– Гэта зараз ужо вядома пра падобныя праверкі, а ў той час было неяк нязвыкла. А летам, калі на некаторы час уводзілі выбарачны пашпартны кантролі на мяжы з Расіяй, калі я вяртаўся ў Беларусь, мяне спынілі беларускія памежнікі. Відаць нейкая адзнака ў іх была, бо мяне адвялі ў бок і сказалі чакаць. Затым падыйшоў мужчына, які павёў мяне ў аўтамабільны вагончык, у якім акрамя стала і двух зэдлікаў нічога не было.

«Давай сюды телефон, называй паролі» – такім быў пачатак размовы. Каля гадзіны разбіраліся, калупаліся ў маім тэлефоне. Затым кадэбэшнік паклікаў нейкіх супрацоўнікаў і сказаў: «Вось гэтага афармляйце, павязем у Дуброўна, у аддзяленне міліцыі». Чаму туды? Бо гэта быў першы раённы цэнтр на трасе з Расіі, – распавядае Ігар.

У Дубровенскім РАУС яго пратрымалі болей за суткі, чакалі супрацоўніка КДБ, які ізноў доўга распытваў пра палітыку, пра ягоныя паездкі за мяжу, асабліва ў Літву.

– У суботу мне паказалі нарэшце пратакол і я даведаўся што правапарушэнне складзенае за нейкую падпіску «Вконтакте». Вечарам усіх, хто знаходзіўся ў РАУСе, пасадзілі ў бусік і адвезлі ў ізалятар часовага ўтрымання ў Оршу. Паколькі ўжо было позна ў ІЧУ далі на вячэру кавалак хлеба і ўсё. І гэта пры тым, што з вечара пятніцы нас ніхто не карміў, – кажа мужчына.

У Оршы двойчы на дзень вадзілі на «голы шмон»

– У камеры ў Оршы нас было чацвёра «палітычных». Прычым двое затрыманых знаходзіліся ў тут яшчэ з чацвярга без суда. І вось у нядзелю дубровенскага суддзю выклікалі з дому, каб ён паспеў разгледзець адміністрацыйныя справы, каб не парушаць заканадаўства. Разам з імі ў Дуброўна павезлі і мяне.

З чацвярых дваім далі штрафы, дваім – суткі. Мне – 15 сутак арышту. Пасля чаго ізноў адвезлі ў Аршанскі ІЧУ. Тут мяне ізноў выклікалі ў кабінет да начальніка ІЧУ, аде там знаходзіўся супрацоўнік КДБ, які паводзіў сябе нібыта гаспадар, а начальнік выбачыўся і пакінуў нас у кабінеце ўдвух, – працягвае распавядаць пра свае сумныя гісторыі мужчына.

Ізалятар часовага ўтрымання ў Оршы. Фота з сацыяльных сетак

Апошнія чацвёра сутак у Оршы Ігар правёў у карцары, яму нават ніякіх прычын такога перамяшчэння не патлумачылі.

– Значна пазней, калі я патрапіў у ІЧУ на Акрэсціна, змог параўнаць умовы ўтрымання. У Оршы яны былі нашмат горшымі. Двойчы на дзень, нас, палітычных, вадзілі на «голы шмон». Перасоўванне па калідорах увесь час было толкі ў позе «ластаўкі» – рукі ў кайданках за спіною, галава прыгнутая амаль да падлогі.

Я ўвогуле змог пабачыць як выглядае Аршанскае ІЧУ толькі тады, калі скончыўся тэрмін майго арышту і я йшоў на выхад. Убачыў і нумары камер, і сцены, і столь, – узгадвае Ігар.

«Я зразумеў ужо, што забіраюць надоўга»

Вярнуўшыся ў Мінск Ігар пачаў думаць аб далейшым развіцці падзей і зразумеў, што трэба планаваць выезд з краіны. Ён прыняў рашэнне з’ехаць у студзені 2024 года, паколькі яшчэ хацеў разабрацца з працай, зарабіць больш грошай. Набыў ужо і квіткі, але падзеі развіваліся даволі хутка.

На пачатку снежня да яго ў кватэру завіталі «госці». Пазней мужчына даведаўся з матэрыялаў справы, што яму ўжо быў забаронены выезд з краіны яшчэ з сярэдзіны лістапада.

– Прыкладна ў 9 гадзін раніцы нехта зазваніў у відэафон. Я глянуў: вочка было прыкрытае і тады ўсё стала зразумела – гэта сілавікі. Дзверы адчыніў не адразу, агледзеў пакой, каб нічога такога не заставалася, потым пагладзіў свайго ката на развітанне, павыходзіў з розных акаўнтаў у тэлефоне. Адчыніў ім, калі пачалі выломваць дзверы.

Першае, што ўбачыў – двое ў чорным, адзін з шчытом, другі накіраваў на мяне зброю, падобную на вінтоўку, у аднаго з іх чырвоным святлом міргаў страбаскоп. Яны адразу сталі крычаць, паклалі на падлогу тварам уніз, апранулі кайданкі.

Наносілі ўдары па ўсім целе, патрабавалі паролі ад тэлефона, хадзілі па кватэры, усё пераварочвалі па ходу.

Потым паведамілі, што будуць ладзіць ужо афіцыйны ператрус, запрасілі панятых, мяне паднялі з падлогі. Пры гэтым запісвалі на камеру усе свае дзеянні, паказвалі грошы, якія былі ў кватэры і казалі, што яны іх не забіраюць.

Пакуль афармляліся пратаколы мне дазволілі схадзіць у душ, пераапрануцца ў цёплую вопратку, крыху пад’есці. Я зразумеў ужо, што забіраюць надоўга, – распавядае мужчына.

У аддзяленні ГУБАЗ Ігара доўга распытвалі. А за сценкай чуліся адчайныя крыкі затрыманага, з якога нешта выбівалі сілай. Пасля допыту яго адвезлі да суда на Акрэсціна, а ў панядзелак суд Мінскага раёна прысудзіў яму 15 сутак ізноў за дробнае хуліганства, нібыта ён зайшоў у памяшканне РАУС, крычаў там і размахваў рукамі.

– А ўжо за суткі да сканчэння тэрміну мяне перазатрымалі ўжо па крымінальнай справе. У ЦІП прыехалі следчыя, мяне вывелі з камеры на калідор і проста на падваконні далі бегла азнаёміцца з паперамі і падпісаць іх, – распавядае Ігар.

«Дзіўнае пачуццё было, калі зразумеў, што вось зараз я выйду на волю»

Новы год Ігар сустрэў у карцары, куды яго закінулі ў ізалятара часовага ўтрымання:

– Памятаю, у камеру 31 снежня зайшоў начальнік ІЧУ, сказаў, што мы тут усе нядобрыя людзі, што ўсе атрымаюць па заслугах за свае дзействы, павіншаваў нас такім чынам.

З Акрэсціна і далей да суда мяне перавялі ў Следчую турму ў Жодзіна, дзе асаблівых праблем не было, апроч таго, што паставілі на прафулік. А перад самым судом, які пачаўся напачатку лютага, мяне перавялі ў СІЗА.

Суддзя Заводскага суда Жанна Хвайніцкая абвясціла Ігару прысуд: тры гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу «хатняя хімія». Гэта крыху болей, чым тады давалі астатнім, але Ігар тлумачыць гэта тым, што ў справе былі два эпізоды – адзін за фотаздымак з акцыі пратэсту, а другі эпізод нібыта за арганізацыю акцый пратэсту, паколькі знайшлі рэпост з NEXTA ў дваравы чат.

«Дзіўнае пачуццё было, калі зразумеў, што вось зараз, з залы суда я выйду на волю, – распавядае далей Ігар. – А прыкладна праз месяц мяне паставілі на ўлік, інспектар вызначыў умовы адбыцця пакарання, дзе і ў які час я павінен буду знаходзіцца, калі можна хадзіць у краму.

Пры такіх абмежаваннях вельмі цяжка было планаваць і арганізаваць мой выезд з краіны, паколькі ўсе перамяшчэнні кантралююцца і трапляюць на камеры відэаназірання. Таму максімальна канспіратыўна і вельмі асцярожна я рабіў неабходныя крокі, нікому нічога не паведамляючы.

Урэшце, мне ўдалося пакінуць краіну і цяпер я адчуваю сябе больш бяспечна, хаця наступствы ўсіх тых перажытых падзей яшчэ адчуваюцца. Як бы цяжка не было, для меня зараз нiчога ня можа быць горш, чым беларуская турма».

Яму нярэдка сніцца адзін і той жа сон. Быццам бы ён нейкім чынам вярнуўся ў Беларусь і думае аб тым, як ізноў адсюль збегчы. Зрэшты, такі сюжэт сустракаецца ў снах многіх беларусаў, вымушаных пакінуць радзіму.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.3(3)