Дракахруст: «Гэта пасланьне Крамля лідэрам іншых постсавецкіх краінаў — будзьце, як Лукашэнка»
Прыём Аляксандра Лукашэнкі ў Расеі на тле перамоваў Масквы і Вашынгтону — дэманстрацыя элітам постсавецкіх краін, якія бонусы яны могуць атрымаць, калі будуць ляяльныя Крамлю, піша Юры Дракахруст на Радыё Свабода.

Сёньня Аляксандар Лукашэнка выступіў перад Саветам Фэдэрацыі Расеі. За ўсё гады ягонага кіраваньня Беларусьсю ніколі раней ён ня меў такой магчымасьці.
Гэты жэст асаблівай пашаны выглядае працягам учорашняй мізансцэны на прэсавай канфэрэнцыі па выніках сустрэчы Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна, на якой прэзыдэнт Расеі агучыў свой адказ на прапанову ЗША аб перамірʼі ў вайне з Украінай.
Сам Лукашэнка і ўчора ў размовах з журналістамі, і на прэсавай канфэрэнцыі, і сёньня ў Савеце Фэдэрацыі гаварыў аб палітыцы Расеі адносна вайны і міру як пра супольную палітыку, як пра палітыку, якую праводзіць і ён у тым ліку.
«Цяпер ставіцца пытаньне: А як будзе, а што вось там амэрыканцы, украінцы нас могуць падмануць наступны раз. Вакол пальца нас ужо ніхто не абвядзе, таму што мы ведаем, чаго мы хочам, і мы цьвёрда ўчора чарговы раз дамовіліся з прэзыдэнтам Расеі, што мы павінныя стаяць на сваім» — тлумачыў сёньня Лукашэнка чальцам расейскага Савету Фэдэрацыі.
Частка гэтага вобразу глябальнага лідэра — «паляпваньне па плячы» прэзыдэнта ЗША, «Дональда», як называе яго Лукашэнка.
І ўчорашні адказ Крамля на прапанову Трампа аб перамірʼі, зроблены ў прысутнасьці Лукашэнкі — частковае і ўскоснае, але пацьверджаньне, гэтай «карцінкі» удзелу Лукашэнкі ў фармаваньні і правядзеньні палітыкі Расеі.
І ўчора і сёньня Аляксандар Лукашэнка не шкадаваў цёплых словаў на адрас Расеі.
«Шмат гадоў таму, можа, нехта памятае, я сказаў, што Беларусь ніколі не дазволіць нанесьці ўдар у сьпіну свайму старэйшаму брату, расейскаму чалавеку. Не здраджваем мы гэтаму абяцаньню і сёньня, надзейна абараняючы і аберагаючы наш саюз», — сказаў ён.
Лукашэнка, у прыватнасьці, агучыў вэрсію, паводле якой палітычнае супрацьстаяньне ў Беларусі ў 2020 годзе было выбарам паміж Расеяй і Эўропай.
Вэрсія даволі сумнеўная: дастаткова прыгадаць, што ў 2020 годзе хіба не галоўным апанэнтам Лукашэнкі быў шматгадовы мэнэджэр расейскага «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка, а канкурэнтка Лукашэнкі на выбарах Сьвятлана Ціханоўская ані слова пра эўрапейскі выбар тады не казала. У адрозьненьне ад папярэдніх «Плошчаў» 2006-га і 2010-га гадоў на пратэстах 2020 году сьцягоў Эўразьвязу практычна не было.
Але сваёй вэрсіяй тагачасных падзеяў Лукашэнка спрабуе накінуць, што ён — адзіны гарант прарасейскага выбару Беларусі.
Разам з тым у прамове ў Савеце Фэдэрацыі ён пазначыў межы магчымага збліжэньня дзьвюх дзяржаваў: выказаўся супраць уключэньня Беларусі ў склад Расеі і ўвядзеньня ў Беларусі расейскага рубля.
У якасьці пэўнага кроку ў бок паглыбленьня палітычнай інтэграцыі можна разглядаць заяву кіраўніка Беларусі пра магчымасьць фармаваньня саюзнага парлямэнту. «Можа, мы і прыйдзем да адзінага парлямэнту, калі мы гатовыя да гэтага» — сказаў ён. Аднак заява даволі няпэўная, няясна, як высьветліць гэтую гатоўнасьць і ці не канстатуе Лукашэнка заўтра, што не гатовыя.
Аднак яго негатоўнасьць да поўнага зьліцьця Беларусі з Расеяй, як бачым, не перашкаджае Крамлю падкрэсьліваць унікальную важнасьць Беларусі для Расеі.
Нядаўна прэсавы сакратар Пуціна Дзьмітры Пяскоў назваў Беларусь «галоўным саюзьнікам» Расеі. На першы погляд, заява дзіўная. Кітай — саюзьнік значна больш магутны ва ўсіх сэнсах. КНДР супрацоўнічае з Расеяй у вайсковай сфэры прынамсі ня менш шчыльна, чым Беларусь, нават паслала сваіх салдатаў ваяваць супраць Украіны, чаго Беларусь не зрабіла.
Дык чаму ж Беларусь — галоўны саюзьнік? Магчыма, таму што ўзор. Другім Кітаем ніводная постсавецкая краіна ня можа стаць пры ўсім жаданьні. Стаць другой КНДР асаблівага жаданьня ні ў каго зь іх няма. А вось стаць другой Беларусьсю — гэта ў прынцыпе дасягальна для многіх і прывабна для часткі насельніцтва і элітаў прынамсі некаторых постсавецкіх краінаў.
І цяперашні прыём Лукашэнкі ў Расеі — дэманстрацыя элітам гэтых краінаў, якія прэстыжныя і матэрыяльныя бонусы яны могуць атрымаць, калі будуць ляяльнымі Крамлю. Больш ляяльнымі, чым зараз. Дарэчы, сёньня ж пасьля выступу Лукашэнкі Савет Фэдэрацыі РФ ухваліў дамову аб адтэрмінаваньні для Беларусі пагашэньня даўгоў.
Ляяльнасьць канвэртуецца і ў прэстыж, і ў банальныя грошы. Гэта пасланьне лідэрам іншых постсавецкіх краінаў — будзьце, як Лукашэнка, тады вам і грошы дадуць, і запросяць у крамлёўскія палаты папрысутнічаць пры вырашэньні лёсу сьвету. І вы зможаце распавядаць, што нават і паўдзельнічалі.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное