Цыганкоў: «Пакуль Варшава і Вільня для сябе могуць зафіксаваць, што перамовы прынесьлі значна больш вынікаў, чым канфрантацыі»

Палітычны аглядальнік — пра тое, ці магчымае мірнае суіснаваньне з рэжымам.

— У час халоднай вайны быў прынцып мірнага суіснаваньня дзяржаваў з розным грамадзкім ладам. Што прадугледжвала адмову ад вайны, высьвятленьне спрэчных праблемаў шляхам перамоваў, пэўны ўзровень неўмяшаньня ва ўнутраныя справы, — піша Віталь Цыганкоў.

Віталь Цыганкоў

Можна канстатаваць, што гэты прынцып, не выключана, можа запанаваць у адносінах Захаду да афіцыйнага Менску – незалежна ад таго, як я ці мы да гэтага паставімся.

Калі нагадаць гісторыю, то заходнія краіны адмовіліся ад ідэяў інтэрвенцыі і прызналі ўладу бальшавікоў (усталявалі дыпламатычныя адносіны з Савецкай Расеяй і СССР) у 1923-24 гадах (ЗША толькі ў 1933-м). Дарэчы, ведаеце, хто зрабіў гэта раней за ўсіх? Хе) Эстонія, Літва і Латвія – у 1920-м годзе.

У сваю чаргу, СССР даволі доўгі час (афіцыйна) абвяшчаў стаўку на сусьветную рэвалюцыю і толькі на 20-м зьезьдзе, у 1956 годзе, была прынята канцэпцыя мірнага суіснаваньня, якая, дарэчы, відавочна супярэчыла тэорыі марксізму (дык яны прыдумалі, што мірнае суіснаваньне – гэта такая форма класавай барацьбы на сучасным этапе).

Потым разрадка напружанасьці ў 1960-70-я прывяла да сумесных палётаў у космас, выставаў, кока-колы, хакейных матчаў ды іншага.

Любыя гістарычныя параўнаньні кульгаюць, але так пабудавана наша мысьленьне – мы шукаем аналагі і супадзеньні, для разуменьня сваёй сітуацыі.

І вельмі падобна, што пасьля кавалерыўскай атакі ў форме часовага закрыцьця межаў, пасьля ўсьведамленьня таго факту, што гэтая атака мала чаго прынесла — бліжэйшыя суседзі Беларусі могуць выбраць варыянт таго самага «мірнага суіснаваньня» як больш спакойны, бясьпечны і прадукцыйны. Застаючыся пры сваіх палітычных прынцыпах, але разам з тым усьведамляючы, што «ўскавырнуць» Лукашэнку на сёньня не выглядае вельмі рэалістычным.

Пытаньне, вядома, яшчэ і ў тым, ці можа і ці хоча Менск прытрымлівацца формулы мірнага суіснаваньня, ці захоча ён спыніць усялякія формы гібрыднай агрэсіі.

Але некаторыя факты, як, напрыклад, амаль поўнае зьнікненьне памежнага мігранцкага крызісу за апошнія дні, фактычна нулявыя зафіксаваныя спробы пераходу мяжы — кажуць, што Менск пры жаданьні можа (скажам так, пэўны час) выконваць дамоўленасьці з свайго боку.

І, дарэчы, выглядаюць даволі сьмешнымі заявы некаторых каментатараў, што Менск ня можа кантраляваць мігранцкі крызіс, бо мігрантамі даўно кіруе Масква. Высьвятляецца, што вельмі нават можа — калі бачыць у гэтым стымул і неабходнасьць. (Гэта ўвогуле такая забаўная тэндэнцыя — валіць ва ўсіх сітуацыях усё на Маскву, тым самым здымаючы адказнасьць з Лукашэнкі).

У любым выпадку, пакуль Варшава і Вільня для сябе могуць зафіксаваць, што перамовы прынесьлі значна больш вынікаў чым канфрантацыі — мігранцкі крызіс на сёньня абнулены, кантрабандныя аэрастаты таксама менш лятаюць, эканамічныя страты ад закрыцьця межаў адмяняюццца, міжнародныя партнёры супакойваюцца.

Ці застанецца гэта толькі тактычным эпізодам, ці можа прывесьці да актывізацыі спробаў перагледзець усю стратэгію стаўленьня да афіцыйнай Беларусі — ад канфрантацыі да «мірнага суіснаваньня» – будзем глядзець.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(3)