Астапеня: «Мы «едзем» у Расію, і ніхто не ведае, як гэтаму супрацьстаяць»

Кіраўнік Беларускай ініцыятывы Chatham House Рыгор Астапеня — пра спробы беларускіх уладаў выраўняць празмерна моцны крэн у бок «рускага свету».

— Я думаю, што такія спробы ёсць, — адзначыў Астапеня на канале Гадзіннічак цікае. — Таму што пасля 2020-га пайшло масавае «чарнасоценства», былі перадрукі ўсяго негатыўнага пра БЧБ, шмат гістарычных навуковых канферэнцый, куды прыязджалі расіяне вучыць беларусаў і навязваць свае пазіцыі…

Рыгор Астапеня

За апошні год, я думаю, гэтага стала істотна менш. І выразны прыклад тут — непрыняццё кніжкі Дзюкава.

Астапеня тлумачыць кантэкст: Аляксандр Дзюкаў — расійскі гісторык, «не сказаць, каб фальсіфікатар гісторыі, сапраўды гісторык, але і вядомы прапагандыст», кіраўнік фонда «Гістарычная памяць», які доўга і ўпарта намагаецца прынізіць постаць Кастуся Каліноўскага ў нацыянальнай беларускай гісторыі.

Акрамя шэрагу прапагандысцкіх артыкулаў, Дзюкаў напісаў нават кніжку пра Каліноўскага з нібыта «выкрыццём» і «гістарычнай праўдай», падводзячы да таго, што Каліноўскі, маўляў, мучыў сялян, а Расія іх вызваліла і выратавала ад польскай навалы ў асобе Каліноўскага, а сумнавядомы  Мураўёў-вешальнік — ледзьве не герой.

— Калі коратка і спрашчаць, у Расіі была ідэя «бандэрызацыі» Каліноўскага, — канстатуе даследчык, — але ў Беларусі гэта не было прынята. Нягледзячы на тое, што ў гэтай кніжцы Гігін (прапагандыст, экс-кіраўнік таварыства «Веды», цяпер дырэктар Нацбібліятэкі — С.) быў навуковым рэцэнзентам, гэтыя наратывы праігнаравалі, прапусцілі і наогул неяк забылі.

Калі сабраць падобныя факты, то можна падумаць, што гэта пэўная мэтанакіраваная штука: давайце ўсё ж такі не будзем інкарпарыравацца ў склад Расіі, і ў нейкіх сферах усё ж паспрабуем адстройвацца.

Думаю, ёсць вялікія наратывы адносна карт-праграм саюзнай дзяржавы, за каторыя доўгі час «ішла вайна», але яны дагэтуль не рэалізоўваюцца, таму што беларускі бок спрабуе іх нейкім чынам прытармазіць. Мне падаецца, што насамрэч гэта ўсё — наіўняк, бо гэты цягнік не спыніць.

Як кажа Сяргей Чалы, гэта «адскок мёртвай кошкі» — бывае на фондавым рынку, калі акцыі рэзка падаюць, перад гэтым яны могуць крыху падскочыць, аднак потым працягваюць падзенне.

На думку Рыгора Астапені, тое, што для лукашэнкаўскай сістэмы падаецца важным у моманце — праявіць характар, не прызнаць Мураўёва-вешальніка героем пад ціскам «рускага свету» — не змяняе агульную сітуацыю:

— Па сутнасці, мы едзем у адной каляіне да інкарпарацыі.

Працэс паглынання Беларусі працягваецца, паступова з’яўляецца як мага больш сувязяў з Расіяй нават у тых сферах, дзе іх раней ніколі не было. Нават ІТ-сектар, які калісьці быў самым інтэграваным у заходнюю эканоміку, усё больш русіфікуецца, «Вконтакте», «Цінькофф» робяцца асноўнымі гульцамі на беларускім ІТ-рынку.

Можна згадаць яшчэ лагістыку, мільярды эканамічных праектаў, тое, што банкі, адключаныя ад SWIFT, пераключаюцца на расійскія аналагі, што беларускія падаткі сталі празрыстымі для расійскай падатковай. Усе гэтыя рэчы звязаныя з тым, што мы «едзем» у Расію, і ніхто не ведае, як гэтаму супрацьстаяць.

Рэжыму наўпрост страшна, ды і як — адбудоўваць стасункі з Захадам? Яны ў гэта толькі гуляюцца. Захад таксама ўпісвацца не хоча: калі для вас незалежнасць з’яўляецца вашай каштоўнасцю, то што вы прыходзіце з наратывам, які часта спрабуюць «прадаць» беларускія чыноўнікі, маўляў, вы не хочаце бачыць нас незалежнымі — чувакі, а самі вы што? Што да дэмакратычнага руху — таксама, напэўна, усе ўжо ўсведамляюць, што далейшыя санкцыі — гэта шлях туды, <да Расіі>.

Таму я прыходжу да сумнай высновы: толькі Кітай выратуе, — з іроніяй зазначае Рыгор Астапеня, — адзіны, каму патрэбная беларуская незалежнасць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.3(10)