Транзит

Яўген Красулін

Апэрацыя «Пераемнік»: як можа дзейнічаць Лукашэнка

Тэмай «пераемніка», як каляровай капустай зь вядомага рамана Фазіля Іскандэра, уводзяць у салодкую ману тых, хто чамусьці думае, што вось перадасьць Лукашэнка ўладу каму-небудзь, і беларусаў адразу накрые вялікае шчасьце (не).

«Восень патрыярха». Ілюстрацыя: photocentra.com

Як па СМІ, так і ў прыватных размовах гэтая тэма цыркулюе ўжо гадоў 20. І ўсё ніяк.

Гэтае «ніяк» ёсьць цалкам зразумелым, бо пра аніякую перадачу ўлады гаворка не ідзе. І ня толькі праз тое, што сам характар Лукашэнкі гэтага не дапусьціць. Як паказвае гісторыя (у прыватнасьці, нядаўняя ў Казахстане – зь перадачай улады ад Назарбаева Такаеву), пасьпяховасьць апэрацыі можа прывесьці папярэдняга кіраўніка да поўнай страты ўплыву. Што, у сваю чаргу, можа пацягнуць за сабой і больш непрыемныя наступствы.

Але ў той жа час перадаць уладу рана ці позна давядзецца. І тут можа паўстаць пытаньне: як гэта зрабіць, каб забясьпечыць сваім нашчадкам палітычную і фінансавую стабільнасьць (а ў мадэлі любога дыктатарскага рэжыму гэта, практычна, адное й тое ж)?

Проста спадзявацца, што пасьля сьмерці папярэдняга кіраўніка ўлада пяройдзе ў патрэбныя рукі, не выпадае. Нават проста праз паталягічную падазронасьць і недавер да ўсіх і ўсяго. Трэба, каб сытуацыя заставалася пад кантролем.

І як дэманструе гісторыя, у слабых кіраўнікоў (а Лукашэнка, на маю думку, слабы кіраўнік), якіх вельмі непакоіла пытаньне перадачы ўлады «пераемніку», была адна опцыя, якая дазваляла пракруціць гэтую рызыкоўную апэрацыю з пажаданым вынікам.

А менавіта – зрабіць таго, каго хочаш бачыць такім «пераемнікам», сваім сукіраўніком. Каб яшчэ пры сваім жыцьці й уладзе кантраляваць замацаваньне гэтай улады за тым, кім трэба.

Гэта практыкавалася ў самыя розныя эпохі ў самых розных рэгіёнах плянэты. Падобныя выпадкі адзначаюцца яшчэ ў Старажытным Эгіпце ў эпоху Сярэдняга Царства (каля чатырох тысячаў гадоў таму).

Прынамсі, у ХХ ст. да н.э. эгіпецкі цар Амэнэмхэт І на дваццатым годзе кіраваньня зрабіў свайго сына Сэнусэрта І сваім сукіраўніком. Гэты факт пацьвярджаецца надпісам на адной з стэлаў той эпохі. У наступную эпоху – Новага Царства (сярэдзіна-другая палова ІІ тыс. да н.э.) – фараоны таксама прыбягалі да гэтай практыкі.

Куды ж бяз Рымскай імпэрыі – у ёй сукіраваньне было шырока распаўсюджанае, асабліва з ІІІ ст. н. э. Прычым, калі старэйшы кіраўнік меў тытул «аўгуст-цэзар», ягоны малодшы кіраўнік карыстаўся тытулам «цэзар» (ад якога, заўважым, пайшло слова «цар»).

У Францыі, як у 987 г. (прыкладна за дзесяць гадоў да таго, як было заснаванае гарадзішча на Менцы) вымерла дынастыя Каралінгаў, тамтэйшы набілітэт абраў (дэмакратычным, канечне, шляхам, з папраўкай на рэаліі тых часоў) новага караля – Гуга Капэта. А той, разумеючы, што ягоная сьмерць прывядзе адно толькі да паўтарэньня дэмакратычнай працэдуры выбараў, настаяў, каб ягоны сын Рабэр быў неадкладна каранаваны як сукіраўнік. Што й было зроблена, даўшы пачатак Капэтынскае дынастыі, прадстаўнікі якой былі каралямі Францыі да 1848-га (зь перапынкам з 1792 па 1814).

У Новым Сьвеце ў ХV ст. сапа-інка – кіраўнік дзяржавы інкаў Таўантысуйю – рабіў аднаго з сваіх сыноў сукіраўніком. Дзеля дзьвюх мэтаў: каб пераемнік набраўся неабходнага досьведу, і каб ён замацаваўся на вяршыні ўлады, зьмяншаючы рызыку выклікаў сваёй пазіцыі пасьля сьмерці бацькі. Стары ж сапа-інка мог, увогуле, пайсьці на «пэнсыю», пераканаўшыся, што ўлада перададзеная ў надзейныя рукі.

Тое ж можна пабачыць і ў Японіі ў пачатку XVII ст., калі новая дынастыя сёгунаў (кіраўнікоў ураду) – Такугава – замацоўвалася на вяршыні палітычнай улады. Перамога над галоўнымі ворагамі не дала заснавальніку дынастыі Такугаве Іэясу поўнай упэўненасьці ў трываласьці сваёй улады. Таму ён, амаль гэтак жа хутка, як Гуга Капэт, дамогся ад імпэратара Японіі перадачы тытула сёгуна свайму сыну Хідэтадзе.

А потым, захаваўшы ў сваіх руках усе рычагі ўлады, заняўся будаўніцтвам палітычнай сыстэмы сёгуната, дазваляючы Такугаве-малодшаму спакойна займаць пазыцыю фармальнага кіраўніка. Такую ж апэрацыю «пераемнік» правёў потым і сам Такугава Хідэтада, перадаўшы сёгунскую пасаду свайму сыну Іэміцу, але захаваўшы пры гэтым галоўны ўплыў на палітыку дзяржавы.

У наш час такую практыку таксама можна знайсьці. І нават ня так далёка ад Беларусі. Не ў сэнсе геяграфічнай блізкасьці, а ў сэньсе блізкасьці, гэтак мовіць, духоўнай. А менавіта – у Нікарагуа, дзе цяпер пануе рэжым Даніэля Артэгі.

Гэты чалавек таксама, як і ўсім вядомая асоба, быў абраны на прэзыдэнцкую пасаду дэмакратычным шляхам, але хутка збочыў на аўтарытарную сьцяжынку. Мэтады – усё тыя ж, да болю нам знаёмыя: маніпуляцыі з выбарамі, канстытуцыйная папраўка, што дае прэзыдэнцкія тэрміны «анлімітэд», задушэньне апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці, жорсткае задушэньне вулічных пратэстаў і г. д.

Але час – рэч няўмольная. Празь месяц Артэгу споўніцца 80, і яму трэба ўсур’ёз думаць пра захаваньне ўлады ў «надзейных» (то бок, родных) руках.

А хто можа быць больш надзейным, чым самы блізкі чалавек, у дадзеным выпадку – жонка? Тым больш, што жонка Артэгі, Разарыё Мурыйё ўжо займала пасаду віцэ-прэзыдэнта. Але гэта не тая пасада, якая гарантуе пераемнасьць.

Таму ў лістападзе мінулага году Артэга выступіў са сьмелай ініцыятывай: унесьці ў Канстытуцыю краіны папраўку, якая падоўжылв прэзыдэнцкі тэрмін зь пяці да шасьці год, а таксама зрабіла спадарыню Мурыйё супрэзідэнтам. І вось зь лютага бягучага году ў Нікарагуа два прэзыдэнты.

У паводзінах рэжыма Артэгі, як было сказана, можна знайсьці шмат агульнага і зь блізкай нам мадэльлю. У дадатак можна прыгадаць, што стаўленьне да палітвязьняў – вельмі падобнае. Артэга першым пачаў іх актыўна выпускаць з турмаў, толькі дзеля таго, каб адразу гвалтоўна выштурхнуць за мяжу, з пазбаўленьнем маёмасьці і грамадзянства.

Рукі Лукашэнкі. Травень-2023

Дык чаму б не пераняць і ідэю з «сукіраўніком»? На заплянаваным на канец гэтага году Ўсебеларускім народным сходзе цалкам можа прагучаць ініцыятыва ўвесьці ў Беларусі пасаду «супрэзідэнта». Можна нават рэфэрэндум правесьці на гэтую тэму – без усялякай інтрыгі, канечне. Ну а хто зойме гэтую пасаду – пытаньне, хутчэй, рытарычнае. Асабліва з улікам, што жонка Лукашэнкі на яе прэтэндаваць адназначна ня будзе.

Вось і вырашэньне праблемы зь «пераемнікам»!

Але каб усё было так проста…

У тэорыі яно ўсё выглядае гладка ды прыгожа. А вось паспрабуй рэалізаваць гэта на практыцы! Пра што й сьведчыць гісторыя.

Амэнэмхэта І, які першым зладзіў падобную аперацыю, забілі ўласныя целаахоўнікі. Рымскі імпэратар Гальба, які першым перадаў тытул «цэзар» свайму меркаванаму сукіраўніку й пераемніку, пражыў пасьля гэтага ўсяго пяць дзён. Яго, разам з «сукіраўніком», забіў Атон, які сам жадаў атрымаць «цэзарскі» тытул.

Былі й зусім злыя сытуацыі, калі сам кіраўнік, не давяраючы набліжаным і чыноўнікам, раздаваў ключавыя пасады сваім сынам у спадзяваньні, што яны будуць яму адданымі. Але потым псыхічны стан прымушаў яго губляць давер і да ўласных дзяцей, якія, маўляў, жадаюць аспрэчыць ягоную ўладу, што негатыўна адбівалася на іхніх далейшых лёсах. У выніку кіраўнік усё роўна паміраў, але зь пераемнасьцю ўзьнікалі праблемы.

Ды й у нікарагуанскім выпадку посьпех увядзеньня пасады «супрэзідэнта» не гарантуе посьпеху ў пераемнасьці ўлады. Урэшце, сама Мурыйё не на шмат маладзейшая за мужа, а сярод іхніх дзяцей кандыдатуры на наступнае «супрэзідэнцтва» не праглядаецца.

Дзеля таго, каб можна было прызначыць сукіраўніка, які потым будзе пасьпяхова працягваць справу свайго папярэдніка, неабходна, каб дзяржаўныя інстытуты працавалі адпаведна, а тым праблемам, якія ўзьнікаюць у працэсе сукіраваньня, старэйшы кіраўнік мог бы даць рады.

У нашай сітуацыі бягучым праблемам патэнцыйны «старэйшы кіраўнік» можа даць рады выключна з дапамогай вонкавай сілы. І няма аніякіх сумненьняў, што з прызначэньнем «малодшага» што-небудзь у гэтым пляне зьменіцца. Бо, каб выправіць сітуацыю ў краіне, трэба не фіксаваць папярэднюю неэфэктыўную мадэль дзяржаўнага кіраваньня, якая давяла краіну да ручкі, а праводзіць сыстэмныя рэформы, у тым ліку – палітычныя, і не «мяккія», а рэальныя. На што цяперашні рэжым, у тым ліку, у стане існаваньня на апараце штучнага падтрыманьня жыцьця пад назвай «пераемнік», пайсьці ня можа. Па вызначэньні.

Таму, нават калі ў Беларусі сапраўды паспрабуюць стварыць інстытут «сукіраўніцтва» з разьлікам захаваць існуючую палітычную і эканамічную мадэль, прагноз на ейнае захаваньне – нэгатыўны.