Амаль 700 вайсковых дронаў праляцелі над Беларусьсю за год, ёсьць выбухі і разбурэньні. Чаму ўлады гэта ўтойваюць?
Беларусь — другая ў сьвеце краіна пасьля Ўкраіны, якая найбольш цярпіць ад расейскіх баявых бесьпілётнікаў, піша Радыё Свабода. У той час як у эўрапейскіх краінах пачалі фіксаваць адзінкавыя факты залёту дронаў на іхную тэрыторыю толькі цяпер, у Беларусі неба перастала быць «мірным» ужо больш як год таму.
Свабода падлічыла, што за апошнія 14 месяцаў у паветранай прасторы Беларусі было зафіксавана каля 700 дронаў, што заляцелі з тэрыторыі Ўкраіны ці Расеі. Што гэта за дроны і чаму беларускія вайскоўцы зьбіваюць толькі некаторыя зь іх? І пры якіх абставінах Украіна і краіны NATO пачнуць зьбіваць дроны над Беларусьсю?
«Немагчыма і абсалютна бязглузда» казаць, што дроны ў Беларусі — украінскія
Першыя дроны пачалі залятаць у Беларусь у ліпені 2024 году. Тры дні запар іх траекторыю адсочвалі ўкраінскія і беларускія маніторынгавыя каналы. Пачынаючы з таго моманту ў Беларусь амаль рэгулярна залятаюць расейскія бесьпілётнікі, і часьцей за ўсё гэта супадае з масавымі паветранымі атакамі на Ўкраіну. Улады хаваюць інфармацыю пра гэтыя здарэньні, не інфармуюць людзей пра небясьпеку падчас такіх пралётаў.

Між тым маніторынгавыя каналы, якія адсочваюць залёты дронаў у Беларусь, паведамлялі, што адзін з дронаў нават змог праляцець 350 км — да Віцебскай вобласьці. Яшчэ адзін упаў і выбухнуў у Акцябрскім раёне Гомельскай вобласьці. А 29 жніўня 2024 году — першы верагодны выпадак зьбіцьця беларускім зьнішчальнікам бесьпілётніка-камікадзэ, вядомага як “Шахед”, на поўдні Гомельскай вобласьці. Пераважную большасьць выпадкаў улады Беларусі ніяк не камэнтуюць.
Свабода падлічыла, што за апошнія 14 месяцаў (зь ліпеня 2024 па кастрычнік 2025 году) у Беларусь магло заляцець прынамсі 700 дронаў. Статыстыка за 2024 год — 395 дронаў — вядомая з інфармацыі маніторынгавага праекту «Беларускі гаюн». Пра падлік дронаў у 2025 годзе 16 жніўня апавядаў Андрэй Лук’яновіч, камандуючы Вайскова-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Беларусі.
— Больш за тры сотні парушэньняў дзяржаўнай мяжы нашай краіны. У асноўным гэта бесьпілётныя лётныя апараты, якія парушаюць мяжу, на жаль, на паўднёвых межах, бо там абстаноўка няпростая, — казаў Лук’яновіч у інтэрвію газэце «СБ — Беларусь сегодня».
Для параўнаньня: у Польшчу з 9 на 10 верасьня заляцелі больш за два дзясяткі дронаў. Расейскія дроны двойчы фіксавалі ў Літве і Малдове, па адным дроне ў Латвіі, Эстоніі і Румыніі.

Самі ж улады Беларусі большую частку выпадкаў залёту дронаў і іх падзеньня на тэрыторыі краіны ўтойваюць. Прыналежнасьць гэтых бесьпілётнікаў часта не называюць, нягледзячы на тое, што часьцей за ўсё гэта супадае з масавым паветраным атакаваньнем Украіны расейскімі ракетамі і дронамі. Невядома і пра факты апавяшчэньня людзей у Беларусі аб небясьпецы.
Ад пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне ўлады Беларусі паведамілі літаральна пра некалькі зь сямі соцень магчымых залётаў дронаў у Беларусь. Напрыклад, пра падзеньне дрона пад Бабруйскам у ліпені 2024 году Аляксандар Лукашэнка згадаў упершыню толькі праз два месяцы пасьля здарэньня.
Гэта адбылося ўжо пасьля таго, як пра гэта паведаміў маніторынгавы праект «Беларускі Гаюн». Тады, паводле інфармацыі праекту, у паветра падымаліся беларускія зьнішчальнікі Су-30 і верталёт Мі-24.
Упершыню беларускія вайскоўцы прызналі, што зьбівалі дрон пры дапамозе баявой авіяцыі, 5 верасьня 2024 году. У выніку падзеньня аскепкаў бесьпілётніка ўначы адбыўся пажар на складзе ў Гомлі. І ў гэтым выпадку паведамленьне ад Міністэрства абароны Беларусі і мясцовых уладаў зьявілася толькі зранку, ужо пасьля таго, як пра здарэньне напісалі ўкраінскія і беларускія маніторынгавыя тэлеграм-каналы.
Залёт бесьпілётнікаў зноў жа супаў з масавым паветраным нападам Расеі на Ўкраіну ў тую ж ноч.

Усе дроны, што залятаюць у Беларусь і краіны NATO, — расейскія. У гэтым упэўнены Аляксей Іжак, кіраўнік аддзелу Нацыянальнага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў (Украіна). Казаць, што гэта могуць быць украінскія бесьпілётнікі, на думку Іжака, “немагчыма і абсалютна бязглузда”.
«Ёсьць больш-менш выразнае правіла: пакуль Беларусь не выкарыстоўвае ўласных войскаў у гэтай вайне і не дае тэрыторыю для відавочнага нападу на Ўкраіну ці краіны NATO, яна лічыцца нэўтральнай краінай. І ніхто ня будзе чапаць Беларусь», — сказаў Іжак у інтэрвію Свабодзе.
Экспэрт дадае, што Ўкраіна і без таго мае абмежаваныя рэсурсы, ёй бракуе далёкабойных бесьпілётнікаў для ўдараў па Расеі.
Разьвіцьцё падзей зьвязаных з залётам расейскіх дронаў у Беларусь
12 ліпеня 2024. Гомельская вобласьць. Першы выпадак, калі расейскі дрон падчас атакі на Ўкраіну заляцеў на тэрыторыю Беларусі
13 ліпеня 2024. Віцебская вобласьць. Адзін з расейскіх дронаў мог праляцець 350 км ад мяжы Ўкраіны да Віцебскай вобласьці. Каб яго пераняць, падымалі вайсковую авіяцыю.
16 ліпеня 2024. Акцябрскі раён, Гомельская вобласьць. Дрон упаў і выбухнуў на тэрыторыі Беларусі, ніхто не пацярпеў.
9 жніўня 2024. Касьцюковічы, Магілёўская вобласьць. Улады Беларусі ўпершыню заявілі пра нібыта зьбіцьцё сыстэмамі супрацьпаветранай абароны некаторых з 13 бесьпілётнікаў, якія, як яны сьцьвярджалі, прыляцелі з тэрыторыі Ўкраіны. Пра гэта першай паведаміла прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі толькі на наступны дзень, абвінаваціўшы ў інцыдэнце Ўкраіну. Маніторынгавыя каналы аспрэчвалі гэтую інфармацыю і паведамлялі, што ніякіх дронаў не было, як не было заўважана і пускаў ракет ці падняцьця авіяцыі.
29 жніўня 2024. Ельскі раён, Гомельская вобласьць. Першы верагодны выпадак зьбіцьця бесьпілётніка беларускай вайсковай авіяцыяй
5 верасьня 2024. Гомель. Аскепкі дрона упалі ноччу ў населеным пункце, быў пажар на складзе. Гэта першы выпадак, калі беларускія вайскоўцы прызналі, што зьбівалі дрон баявой авіяцыяй. Людзей падчас інцыдэнту не інфармавалі.
17 верасьня 2024. Менск. Аляксандар Лукашэнка ўпершыню прызнаў, што ў Беларусь залятаюць расейскія дроны.
3 кастрычніка 2024. Каленкавічы, Гомельская вобласьць. Расейскі «Шахед» упаў і выбухнуў у горадзе Каленкавічах. Упершыню момант выбуху трапіў на відэа.
29 ліпеня 2025. Менск. Дрон пацэліў у жылы шматпавярховы дом у Менску і ўпаў на зямлю, зачапіўшы прыпаркаваны побач аўтамабіль. Пра выбух не паведамлялі. Улады Беларусі падкрэсьлілі на кадрах зь месца падзеі сьведчаньні «ўкраінскага сьледу» і распачалі крымінальную справу. Дрон пацэліў у жылы шматпавярховы дом у Менску і ўпаў на зямлю, зачапіўшы прыпаркаваны побач аўтамабіль. Пра выбух не паведамлялі. Улады Беларусі падкрэсьлілі на кадрах зь месца падзеі сьведчаньні «ўкраінскага сьледу» і распачалі крымінальную справу.
10 верасьня 2025. Падчас дронавай атакі на Польшчу расейскія бесьпілётнікі заляталі туды і з тэрыторыі Беларусі. Лукашэнка заявіў, што беларускія вайскоўцы зьбілі частку дронаў, аднак доказаў не было пададзена.
(Крыніца: Беларусь)
Калі дрон даляцеў да Менску, ён быў запраграмаваны на такі маршрут
Як высьветліла Свабода, дроны трапляюць у Беларусь некалькімі шляхамі. Па-першае, яны могуць быць так званымі «транзытнымі». На мапах украінскіх маніторынгавых каналаў бачна, што часта тэрыторыя паўднёвага ўсходу Беларусі становіцца транзытнай для расейскіх дронаў, што ляцяць з поўначы у бок Украіны.
Праз Брагінскі і Лоеўскі раёны расейскія «Шахеды» (баявыя дроны) і «Гербэры» (муляжы) «зразаюць» шлях да цэляў ва Ўкраіне. Часам дроны пэўны час ляцяць уздоўж беларуска-ўкраінскай мяжы, каб потым скіравацца на цэлі ва Ўкраіне. У абодвух выпадках гэта могуць быць узгодненыя паміж расейскімі і беларускімі вайскоўцамі пралёты дронаў над тэрыторыяй Беларусі.
— Пра гэта ня кажуць уголас, але, магчыма, ёсьць каардынацыя на вайсковым узроўні, і таму гэтыя дроны не зьбіваюць, — сказаў у інтэрвію Свабодзе ізраільскі вайсковы экспэрт Давід Гендэльман.
Акрамя ўзгодненага пралёту, для такіх дронаў таксама патрэбная навігацыйная інфраструктура — рэтрансьлятары перадачы тэлемэтрычных дадзеных. Гэта дазваляе апэратарам бачыць месца знаходжаньня дронаў, а таксама карэгаваць іх рух.
— Расейцам удаецца расстаўляць такія рэтрансьлятары нават на тэрыторыі Ўкраіны. Каб такія дроны надзейна праходзілі празь беларускую тэрыторыю, рэтрансьлятары маюць знаходзіцца і на тэрыторыі Беларусі, — тлумачыць Аляксей Іжак.
Іншая катэгорыя дронаў ў паветранай прасторы Беларусі — зьбітыя з курсу ўкраінскімі сродкамі радыёэлектроннай барацьбы (РЭБ). Як тлумачыць Аляксей Іжак, у такіх дронаў выразная траекторыя: дрон пачынае кружляць і рабіць дзіўныя рухі. Аднак калі дрон па выразнай траекторыі ляціць углыб Беларусі, гэта сьведчыць, што ён быў запраграмаваны на пэўную цэль там.
— Так зьбіць [з маршруту] дрон, каб ён прыняў Менск за Львоў, немагчыма, — кажа Аляксей Іжак. — Расейскія бесьпілётнікі не настолькі залежаць ад РЭБ, каб іх можна было так моцна зьбіваць [з маршруту].
Чаму беларускія вайскоўцы не заўсёды прызнаюць, што зьбіваюць дроны?
У некаторыя дні маніторынгавыя рэсурсы фіксавалі да 20 дронаў, што траплялі ў паветраную прастору Беларусі. Ёсьць з тузін паведамленьняў пра падзеньні, выбухі ці зьбіцьцё дронаў беларускай авіяцыяй. Аднак у абсалютнай большасьці выпадкаў беларускія вайскоўцы тых дронаў не чапаюць.
— Усё ўпіраецца ў палітычнае рашэньне, — лічыць Давід Гендэльман. — Калі б было рашэньне зьбіваць як мага больш, нават з наяўнай колькасьцю сілаў і сродкаў СПА [Беларусі], хутчэй за ўсё, зьбівалі б больш.

Пры гэтым палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман ня бачыць для Лукашэнкі перашкодаў зьбіваць расейскія дроны.
— Калі шчыра, я не магу зразумець, чаму [расейцы] будуць раздражняцца, калі [Лукашэнка] будзе страляць па дронах на сваёй тэрыторыі пасьля таго, як яны ўжо выйшлі з-пад кантролю расейцаў і, значыць, бескарысныя ў вайсковым сэнсе, — сказаў Шрайбман у камэнтары Свабодзе.
Факты зьбіцьця дронаў улады Беларусі пацьвердзілі ўсяго некалькі разоў. У кастрычніку 2024 году Аляксандар Лукашэнка сьцьвярджаў, што Беларусь зьбівае над сваёй тэрыторыяй усе беcьпілётнікі незалежна ад іхнага паходжаньня. Аднак доказаў гэтаму не прыводзілася. Лукашэнка прызнае адмысловае замоўчваньне гэтых фактаў і апраўдвае яго тым, што і расейскія, і ўкраінскія дроны залятаюць ненаўмысна.
—Мы дамовіліся па каналах з украінцамі, што мы ня будзем у сродках масавай інфармацыі «падсьвечваць» факты залёту бесьпілётнікаў — і расейскіх, і ўкраінскіх — на нашую тэрыторыю, — казаў Лукашэнка 17 верасьня 2024 году. — Бо і тыя, і другія кепска кіруюць гэтымі бесьпілётнікамі. Па-першае, новыя для іх. А па-другое, працуюць сыстэмы радыёэлектроннай барацьбы, якія зьбіваюць з курсу бесьпілётнікі.
У той жа час у беларускіх вайскоўцаў могуць узьнікнуць праблемы, калі зьбіваць дзясяткі цэляў за адну ноч, лічыць Аляксей Іжак. На яго думку, рэдкія стрэлы па расейскіх дронах — гэта яшчэ і доказ таго, што Беларусь не гатовая супрацьстаяць такім масавым атакам, як, напрыклад, Украіна.
— Беларуская СПА вельмі абмежаваная. Зьбіваць дроны — гэта няпроста. Трэба выбудаваць сыстэму малых мабільных групаў, ва Ўкраіне гэта асобны род войскаў, — сказаў Іжак.
Патаемная падрыхтоўка да дронавых атак
Улады хаваюць усякую інфармацыю пра вайсковыя дроны ў Беларусі — ці то транзытныя, ці то кіраваныя на Гомель ці Менск. За фота і відэа вайсковай тэхнікі беларусаў перасьледуюць і саджаюць у турмы.
Цэлая група спэцыяльнага атраду хуткага рэагаваньня (САХР) МУС і КДБ затрымлівала жыхарку Каленкавічаў, якая выклала ў мясцовым чаце відэа меркаванага падзеньня дрону ў 2024 годзе. Яе абвінавацілі ў «супрацы з экстрэмісцкімі рэсурсамі», «дэзынфармацыі» і «распаўсюджваньні панікі».
У той час калі людзей перасьледуюць за ўпамінаньне дронаў над іхнымі дамамі, самыя ўлады патаемна купляюць сродкі для абароны ад дронаў. Напрыклад, Свабода знайшла афіцыйныя дакумэнты на закупку адразу 5 дэтэктараў дронаў мадэлі «Булат v.4» ці аналягу для Пінскага райвыканкаму за 25 тысячаў рублёў. Таксама і Менскі райвыканкам купіў прынамсі адзін дэтэктар дронаў мадэлі «Набат V.2.C» з выяўленьнем БПЛА на дыстанцыі да 1,5 км. Такімі прыладамі карыстаюцца і расейскія вайскоўцы на вайне ва Ўкраіне для перадухілення атак з паветра.

Акрамя таго, у Беларусі арганізавалі «антыдронавае» навучаньне для кіраўнікоў прадпрыемстваў. 200 чалавек з 17 арганізацыяў прыехалі 17 верасьня на сэмінар на тэму абароны аб’ектаў ад бесьпілётнікаў. Такія сэмінары вядзе адзін з асноўных беларускіх дзяржаўных вытворцаў прыладаў радыёэлектроннай барацьбы ААТ «КБ Радар».
На прэзэнтацыі ўдзельнікам прадэманстравалі сродкі абароны ад паветраных пагрозаў, у тым ліку ад дронаў-камікадзэ і розных тыпаў мультыкоптэраў.
— Лукашэнка, імаверна, спрабуе замоўчваць гэта [факты падзеньня расейскіх бесьпілётнікаў у Беларусі], бо ня хоча, каб беларускае насельніцтва палохалася гэтага або каб яно пачало злавацца на Расею, — выказаў думку ў камэнтары Свабодзе Эйтвідас Баярунас, былы пасол Літвы ў Вялікай Брытаніі, Расеі і Швэцыі.
Як Расея падстаўляе Беларусь пад удары NATO і Ўкраіны
Расейская атака Польшчы дронамі, што ляцелі і зь беларускай тэрыторыі, — гэта новы віток і ў ваенным канфлікце паміж Расеяй і Ўкраінай, і ў выкарыстаньні Беларусі для вайсковых мэтаў Расеі.
— Гэта выкарыстоўваецца як дадатковы важны ўплыў на кіраўніцтва Беларусі. Калі яно не будзе паслухмяным, яны [расейцы] могуць уцягнуць Беларусь у такія эўрапэйскія разборкі, — лічыць Аляксей Іжак.
Экспэрт не выключае, што непрыхаванае выкарыстаньне беларускага неба для атак на Ўкраіну ці NATO можа прывесьці да таго, што ўкраінскія ці натаўскія войскі будуць зьбіваць расейскія дроны на тэрыторыі Беларусі.
— На маю думку, сыстэма назіраньня ў NATO такая, што яны бачаць на даволі раньняй стадыі, якія ракеты ляцяць з баявым зарадам, а якія без зараду. І таму няма такой рэакцыі з боку Польшчы і з боку NATO [на дронавую атаку Польшчы 9 верасьня], — сказаў Іжак.
А калі б празь беларускую тэрыторыю ляцеў бамбавік з бомбавай нагрузкай, гэты самалёт маглі б зьбіць нават над тэрыторыяй Беларусі, лічыць Іжак. Тое самае тычыцца і пагрозы з боку Беларусі для Ўкраіны.
— Нашыя мапы паветраных пагрозаў сьведчаць, што ўсе небясьпечныя аб’екты ляцяць з тэрыторыі Расеі. Думаю, калі б зь Беларусі заляталі баявыя дроны, іх бы зьбівалі, магчыма, і над тэрыторыяй Беларусі, — сказаў Іжак.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное